

У Мінскім гарадскім судзе 21 красавіка адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе "Вясны" суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім тром палітзняволеным праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу прызначаны жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі. Судовая калегія пад старшынствам Святланы Бандарэнка пакінула скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў без задавальнення, а пратэст пракурора, які прасіў змяніць фармулёўку прысуда, задаволіла. 21 красавіка прысуд у адносінах да палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" уступіў у сілу – хутка іх этапуюць у калоніі.
Пракурор прынёс пратэст, а палітзняволеныя праваабаронцы абскардзілі прысуд. Суд па іх разгляду прызначылі менш, чым за два месяцы.