#FreeViasna: Патрабуем спыніць крымінальны пераслед праваабаронцаў "Вясны"

#FreeViasna: Патрабуем спыніць крымінальны пераслед праваабаронцаў "Вясны"
За сваю 25-гадовую гісторыю Праваабарончы цэнтр "Вясна" шмат разоў рабіўся аб'ектам пераследу беларускіх уладаў, а праваабаронцы вымушаныя былі сутыкацца з ціскам і запалохваннем за аказанне дапамогі людзям у адстойванні іх правоў і інтарэсаў.
Праваабарончая дзейнасць "Вясны" цалкам адпавядае Канстытуцыі Беларусі і міжнародным дамовам, ратыфікаваным нашай краінай, а сам Праваабарончы цэнтр заўсёды падтрымліваў толькі мірную рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод.
Ад моманту пачатку пратэстаў у 2020 годзе "Вясна" грае ключавую ролю ў аказанні дапамогі пацярпелым у Беларусі і распаўсюджвае інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека і палітвязнямі ў краіне як на нацыянальным, гэтак і на міжнародным узроўні. Увесь гэты час "Вясна" збірае інфармацыю пра адвольныя затрыманні па адміністрацыйных і крымінальных справах, аказвае юрыдычную дапамогу і суправаджэнне сваякам затрыманых і пацярпелым, фіксуе парушэнні правоў і ўмоваў утрымання зняволеных і асуджаных, дакументуе факты катаванняў, жорсткага і зневажальнага абыходжання і іншых злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі.
Калі ўлады пачалі масіраваны напад на незалежныя медыя ў краіне, мы ведалі, што адбываецца ў Беларусі, дзякуючы "Вясне": праваабаронцы бралі на сябе рызыкі і цяпер паплаціліся за гэта.
На гэты момант сем "вясноўцаў" застаюцца за кратамі:
- старшыня Алесь Бяляцкі,
- намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч,
- каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч,
- каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова,
- кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка,
- валанцёр Андрэй Чапюк.
Крымінальны пераслед праваабаронцаў можна звязаць толькі з актыўнай дзейнасцю "Вясны", якая ідзе насуперак цяперашняму аўтарытарнаму палітычнаму рэжыму Лукашэнкі. На фоне беспрэцэндэнтных рэпрэсій у краіне збор інфармацыі і апублічванне фактаў парушэнняў правоў чалавека з'яўляюцца грамадска значнымі і неабходнымі, каб у далейшым усе вінаватыя панеслі пакаранне за зробленыя злачынствы ці маўклівую бяздзейнасць. Менавіта таму праваабаронцы такія нязручныя для ўладаў, і менавіта таму яны павінны быць неадкладна вызваленыя, каб працягваць сваю важную працу.
Мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне, патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна спыніць крымінальныя справы ў дачыненні да ПЦ "Вясна" і пераслед яе сябраў.
- Неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцаў "Вясны" Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку, а таксама ўсіх палітычных зняволеных Беларусі, і аднавіць іх парушаныя правы.
- Спыніць паўсюдную практыку арыштаў і судовага пераследу праваабаронцаў у Беларусі, а таксама гарантаваць ім магчымасць ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых акалічнасцях без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі адміністрацыйнага ці крымінальнага пераследу.