

У судзе Ленінскага раёна Мінска скончылася судовае разбіральніцтва па крымінальнай справе супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). 9 лютага пракурор Аляксандр Кароль запрасіў тэрміны для праваабаронцаў "Вясны": ад 9 да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вясноўцы не прызналі сваёй віны. 13 лютага праваабаронцы выступілі з апошнімі словамі — на беларускай мове.
Алесь Бяляцкі: "Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне"
"Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася бы камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць. У такім дыялогу павінны ўзяць удзел, як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў з'ехаць за мяжу. Гэта рэальная прапанова, абы было жаданне і палітычная воля. Грамадска-палітычны крызіс у Беларусі не ўнікальны. Вось проста зараз выхадам з падобных крызісаў займаюцца іншыя краіны ў розных кутках свету. Улады і грамадскасць у Казахстане, у Венесуэле і нават у Іране. Трэба ясна ўсвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі сур'ёзных наступстваў: да беднасці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь. Калі мы думаем пра Беларусь, як пра нашу супольную для ўсіх беларускіх грамадзянаў Радзіму, у якой нягледзячы на розныя палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасці, ёсць месца ўсім. Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць".
Валянцін Стэфановіч: "Я яшчэ раз заяўляю, што мой пераслед звязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасцю — легітымнай і мірнай"
"Я яшчэ раз заяўляю, што мой пераслед звязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасцю — легітымнай і мірнай. Гэты пераслед з'яўляецца выключна палітычна матываваным. Але дзейнасць "Вясны" гэта ніякім чынам не спыніць. Мы пражылі не дарма жыццё — мы падрыхтавалі сабе замену. Прыйшлі новыя пакаленні беларускіх праваабаронцаў, якія нашую дзейнасць працягваюць, і яна працягваецца. Ну а хаду натуральнага жыцця спыніць немагчыма: пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна".
Уладзь Лабковіч: "Усе мае думкі цяпер з маёй сям'ёй"
"Я не займу шмат часу, бо я даволі шмат выказваўся па гэтай справе падчас папярэдняга следства, так і на працягу ўсяго суда. Я ўспрымаю той тэрмін, які быў запрошаны дзяржаўным абвінаваўцам асабіста да мяне, як непераадольны. І на дадзены момант усе мае думкі цяпер з маёй сям'ёй: з маёй маці, дзецьмі, якіх завуць Адэля, Адам і Ян, з маёй жонкай Нінай, якая прайшла праз вялікія выпрабаванні за ўвесь гэты час. І да выступаў маіх абаронцаў мне няма чаго дадаць па гэтай справе, і іх пазіцыю я падтрымліваю. Дзякуй".
Прысуд па "справе Вясны" будзе абвешчаны 3 сакавіка ў 12:00 у адкрытым рэжыме.