

У судзе Ленінскага раёна Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). На судзе даследвалі ўсе 284 тамы крымінальнай справы і дапыталі праваабаронцаў.
Стэфановіч: "Я лічу, што ўсе абвінавачванні супраць мяне надуманыя"
Адзін з накірункаў дзейнасці Валянціна Стэфановіча ў "Вясне" — міжнародная адвакацыя. На судзе ён адзначыў, што праваабаронцы ў дакладах распрацоўвалі рэкамендацыі Беларусі па выкананні розных канвенцый, якія падпісалі беларускія ўлады.
Таксама праваабаронца выказаўся пра абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса:
"Я лічу, што ўсе абвінавачванні супраць мяне надуманыя. Ніводнага ўстаноўленага факту я не бачу — ёсць здагадкі. Фактаў адзіначасовага перамяшчэння нейкіх грашовых сродкаў следствам не ўстаноўлена. Тым больш, няма ніякіх фактаў маёй датычнасці да гэтай дзейнасці".
Бяляцкі: "Тое, што следства кажа, што грошы спецыяльна дзяліліся, перавозіліся, а потым збіраліся ў адно — гэта лухта!"
Алесь Бяляцкі даваў падрабязныя паказанні ў форме вольнага расповеда, дзе неаднаразова падкрэсліваў, што пераслед у дачыненні да праваабаронцаў — палітычна матываваны:
"З матэрыялаў справы відавочна, што значная частка грошай была атрыманая ў Літве, што таксама адзначыў Стэфановіч пра свае сродкі. І казаць, што ён атрыманыя грашовыя сродкі за выкананне нейкай працы вёз кантрабандай... Мы ж ведаем суму, якая складае склад кантрабанды. І ці правільна складаць усе заробкі, якія атрымаў той жа Стэфановіч за гэтыя чатыры-пяць гадоў існавання Pavasaris, у адну суму? Гэта розныя праекты. Гэты розныя гады і перыяды дзеянняў гэтых праектаў. Гэта не адна сума. Гэта раскінутыя грошы, якія не збіраліся потым у адно. Тое, што следства кажа, што грошы спецыяльна дзяліліся, перавозіліся, а потым збіраліся ў адно — гэта лухта! Ніхто ніякія грошы не збіраў, і няма ніводнага сведчання, што гэтыя грошы збіраліся. Можна меркаваць, што іх дронамі перавозілі ці выводзілі крыптавалютай, але ж прычым тут трое тых, хто знаходзіцца ў гэтай клетцы? Я не меў ніякага дачынення да гэтых грошай".
Лабковіч: "Ніякіх функцый у "Вясне", акрамя кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", я з 2015 года не меў"
У апошняю чаргу на судзе дапытвалі Уладзіміра Лабковіча. Ён пачаў даваць паказанні, як і калегі, у выглядзе вольнага аповеда.
"З пачатку 2015-га года я не ўваходзіў у Раду Праваабарончага цэнтру "Вясна", таму ніякіх функцый у "Вясне", акрамя кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", я з 2015 года не меў. У функцыі каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" уваходзіла выключна падрыхтоўка афіцыйных аналітычных матэрыялаў, якія публічна былі размешчаны ў нас на сайце. І мэты кампаніі ёсць у матэрыялах справы, і яны таксама былі агучаны дзяржаўным абвінаваўцам. Гэта дзве асноўныя мэты кампаніі: ацэнка, наколькі Рэспубліка Беларусь выконвае свае міжнародныя абавязкі, а другая — дапамога дзяржаве, уладам Беларусі па ўдасканаленню пытанняў, звязаных з рэалізацыяй грамадзянамі сваіх выбарчых правоў. Таму ў тых нашых матэрыялах, што ёсць, заўсёды былі рэкамендацыі аб тым, што трэба ўдасканаліць у выбарчым заканадаўстве".
Судовыя спрэчкі прызначаныя на 9 лютага ў 10:30.