

У другую гадавіну пераломных выбараў у Беларусі праваабаронцы «Вясны» на адной з віленскіх вуліц вывесілі плакаты з вядомымі выразамі палітзняволеных калег — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча.
Словы вясноўцаў загучалі каля знакавага будынку — там перад смяротным пакараннем утрымліваўся кіраўнік паўстання 1863-1864 года Кастусь Каліноўскі.
Прайшло ўжо 13 месяцаў, як старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца ў СІЗА-1.
Валянцін Стэфановіч у лісце падзяліўся сваімі думкамі наконт турмы і праваабарончай дзейнасці:
"Турма зацягвае, чалавек да ўсяго прызвычайваецца, яна ўжо не палохае цябе. Вось і я ўжо не баюся, бо я ўжо ў турме. Менавіта таму я нікуды не паеду адсюль. Я застануся тут, бо калі з'еду ўжо ніколі сюды не вярнуся. А ім мяне больш няма чым палохаць, бо турмы я ўжо не баюся. Такое вось маё рашэнне.
Хто казаў, што праваабарона гэта прыемная праца, паездкі, сустрэчы з цікавымі людзьмі і г.д.? Не, яна бывае і вось такой - бясконцае сядзенне ў турме, без надзеяў і без вызваленняў".
Больш інфармацыі